Пачалася яна з падарунка ад zalgiris Падарыў ён мне футбольны гол! На Minsk Forum у IBB сустрэлася я з kapitan_tanaka.Які раней для мяне быў зусім не kapitan_tanaka :) А яшчэ там я сустрэла Стэфані. 3 гады не бачыла! І ўявіць не магла сабе, што я яе там пабачу. Гляджу, жанчына , падобнае да яе сядзіць, імгненная думка, што можа быць яна. Але жанчына павярнулася, і ўсе здагадкі адразу разьвеяліся. А пасьля я заўважаю ля дзьвярэй Стэфані. Ведаеце, ў той момант, я падумала, што я маю проста вельмі-вельмі добрае ўяўленьне! Яна зьявілася, як быццам бы проста з паветра, склалася з малекулак пры маім моцным жаданьні яе пабачыць! Ух! Там было яшчэ шмат людзей, каго было цікава паслухаць, а на каго проста паглядзець, а каго проста і не заўважыла. Не можа ж быць ўсё ідэальнае ;) А ўвечары я пабачылася з Эрікасам, маім добрым літоўскім сябрам. А з ім было яшчэ чалавек 25. Усе літоўцы. Аб’яднала іх Hospitalityclub і так яны сталі сябрамі. Наша інтэграцыя адбывалася ў майстэрні мастакоў пад менскім небам і над праспэктам ФС. І там жа, заскочыўшы за сінія дзьверы з намаляванымі сардэчкамі і надпісам “Уваход забаронены” я нарэшце пабыла на менскім даху!
Адным такім жа шэранькім днём я нарэшце трапіла ў Гальшаны. Дарэчы, такое надвор’е мітычнасьці Гальшанаў адпавядае болей, чым сонейка :)
Экскурсію для групы ў вядомым манастырскім комплексе, дзе пакуль яшчэ месьціцца музэй, праводзіла дырэктарка музэю, цікавая жанчына. Як шмат хто з жанчын даволі эмацыйная і уражлівая. Гісторыі ад яе пра жыцьцё і легенды гальшанскіх мясьцінаў з заварожваючым голасам дапамаглі болей пранікнуцца духам Гальшанаў. Музэй пакуль яшчэ займае першы паверх былога манастыра, але кажуць, што ў бліжэйшы час куды-небудзь пераедзе. Сам будынак ужо даўно патрабуе рамонту, пры чым капітальнага. Але музэй са сваімі абшарпанымі сьценамі, месцамі адваленым тынкам, патрэсканымі сьценамі прываблівае турыстаў заўсёды, дык гэта пэўна адна з разынак. Прываблівае і звычайны чалавечы інтарэс, пабачыць тыя легендарныя пакоі і калідоры, дзе, па расповедах, адбываецца містыка. Пабывалі мы і ў пакоі з зоркавідным столем. Гэта той самы, у якім шмат хто хацеў, хоча і, пэўна, будзе хацець правесьці ноч, каб даведацца, ці сапраўды што здараецца ўначы ў гэтым будынку. Дырэктарка распавядала нам шэраг гісторый, але не ўсе былі страшныя. :) Як яна сама казала, пасьля ночы ў гэтым пакойчыку, каму час і мужнасьць трэба, каб асэнсаваць, што было і пасьля прызнацца, а каго так торкае, што ўначы там жа маляваць і вершы пісаць пачынаюць, а хто сьпіць як немаўля і нічога сабе не мяркуе.
Народ з большага творчы на такія авантуры ідзе. Распавяла гісторыі пра мастакоў, пісьменьнікаў, журналістаў, але усё так карэктна і без імёнаў :) Ну няхай гэта будзе таксама невялічкай таямніцай ва ўсёй гэтай вялікай таямніцы. Хто ночыць адзін, хто не адзін, нават з сабачкам ночылі, каб не так страшна было, а адзін мужчына нават прабачэньне прасіў у дзяўчыны што зьявілася яму, што ў тыя далёкія часы замураваная тут будаўнікамі наўмысна была. А прабачэньне было за мужчынаў 16 стагодзьдзя. Во аказваецца як доўга мужчынам на развагі і асэнсаваньне часу трэба. :) Ну спадзяюся, што не ўсім так шмат, i не ўсе маюць за што выбачацца:)
Але не толькі мітамі з намі падзяліліся, распавялі і пра магчымае навуковае тлумачэньне ўсіх гэтых зьяваў. А зьвязаныя яны верагодна з павышаным магнітным полем, якое пры доўгім знаходжаньні ў ім выклікае ў творчых, асабліва, людзей галюцынацыі, а да 4-5 гадзінаў знаходзіцца ў такім полі нават карысна (можна падрасьці, а можа і паразумнець) Во як. Але ж канкрэтных адказаў няма. Таму і зьяжджае пэўна ужо якое пакаленьне цікаўных і ўражаных турыстаў з гальшанскіх краёў са сваімі думкамі, загадкамі, перажываньнямі і з верай у зьдзяйсьненьне мараў, якія яны загадалі, прыклаўшы ў музэі сваю далонь да адбітка далоні майстра на цэгле.
Львоў для мяне- гэта горад трамвайчыкаў, кнігарняў, хрызантэмаў і соцен вулачак і дворыкаў. За гэта і шмат яшчэ за што я яго палюбіла : )
Трамвайныя шляхі і бегаючыя па іх трамваі можна сустрэць у кожным квартале. ”Цнатліва нерэклямных” трамваяў не сустракалася. А на адным з іх была забаўная рэкляма нейкіх лекаў супраць грыпу з надпісам “Трамвай-не чхай”.
Хрызантэмы ўсіх фарбаў і памераў упрыгожваюць аптэкі, крамы, гатэлі, кавярні. На кірмашы, канешне, іх сама больш :)
Львіўяне ганарацца, што іх горад зьяўляецца своеасаблівым “культурным цэнтрам краіны”. І маюць чым ганарыцца. Па афішах заўважна, што фэстывалі, сьвяты, усялякія імпрэзы праходзяць тут амаль нон-стоп.
А яшчэ мясцовыя сьцьвярджаюць, што не могуць жыць як мінімум без трох рэчаў: цэркваў, містычнай і легендарнай львоўскай кавай, а таксама без дня горада. На 750-годзьдзе Львіва, што адзначалася на пачатку кастрычніка даваў бясплатны канцэрт сам Брэгавіч. Народ адарваўся як сьлед! J
“Нефарматна пра культурнае жыцьцё горада” распавядае гарадзкі часопіс “Файно”. Прыемна было пабачыць там інтэрвію з А. Хадановічам, яшчэ прыемней стала ад таго, што ўкраінцы пра яго ўжо не раз чулі.
А яшчэ Львоў - гэта горад “бялізны ў небе”. Да шчасьця, Львоў быў пазбаўлены сацыялістычнай прасторы ў сваёй гарадзкой планіроўцы, таму вялікіх двароў ля дамоў і гаўбцоў у кожнай кватэры няма. Прыходзіцца сушыць бялізну на нацягнутых дратах паміж дамамі, таму і ўражаньне, што “бялізна ў небе”.
У кавярні ”Пад сіняй фляжкай” львоўскую каву гатуюць сапраўды смачна. Там жа ў сьценцы я пакінула манэтку, ну каб зноў вярнуцца, бо падняўшыся на ратушу і пабачыўшы горад зьверху, я зразумела, што мне яшчэ раз хочацца прыехаць у гэты горад... :) 